НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ РА́ДА,

цэнтральны орган цывільнай паўстанцкай улады ў Польшчы ў час паўстання 1794. Утворана Д.Касцюшкам 28.5.1794 у Варшаве. У яе склад уваходзілі начальнік паўстання (Касцюшка), 8 радцаў і 32 намеснікі радцаў. Падзялялася на 8 аддзелаў: парадку, бяспекі, юстыцыі. скарбу, харчавання, вайсковых патрэб, замежных інтарэсаў, нац. інструкцыі. Складалася са шляхты і мяшчан, сярод іх былі прадстаўнікі прагрэсіўнага шляхецка-буржуазнага блока (Г.Калантай, І.​Патоцкі, І.​Закшэўскі). Паміж рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі») і памяркоўнымі рэфарматарамі ўвесь час ішла паліт. барацьба. 12.10.1794 пасля паланення Касцюшкі рада прызначыла начальнікам паўстання Т.​Ваўжэцкага. Спыніла сваю дзейнасць 4.11.1794 перад капітуляцый Варшавы войску А.​В.​Суворава.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)